Table of Contents
Free

Вянчанне

Женя Керубини
Short Story, 3 730 chars, 0.09 p.

Finished

Series: жудасцікі, book #1

Settings
Шрифт
Отступ

Паўль чакае нявесту, а сам адчувае сябе мерцвяком. Побач поп крадком прычашчаецца віном і нецярпліва пазірае на радню нябожчыка, што тоўпіцца каля дзвярэй, не даючы святару шанцу да ўцёкаў. Папу зусім не падабаецца тое, што адбываецца, але старыя непахісныя: вянчаць трэба абавязкова, і як мага хутчэй, бо і так нямала часу згублена. Занадта позна знайшлі труп, чацвёра сутак ляжаў ён у падлеску.

Дамавіна стаіць за сцяной, у суседнім пакоі. Думаючы пра мерцвяка, Паўль уяўляе сабе таго, хто ляжыць у гэтым драўляным макінтошы. Века труны прыбіта, цела брата Паўль не бачыў, толькі са слоў ведае, што драпежнікі мала што ад яго пакінулі. Ведае, але ўсё роўна чамусьці ўяўляе Арнольда такім, якім прывык яго бачыць; спячым, не мёртвым. 

Шум у двары абвяшчае аб прыбыцці нявесты. Станоска таксама не радая рытуалу, але старэйшыя сваякі ўламалі-ткі. 

Паўлю ў руку соваюць шлюбны пярсцёнак. Адзін, для нявесты. Правільна, таму што ажэніцца зараз не Паўль, ажэніцца яго брат Арнольд, а Паўль - толькі фігура, што яго падмяняе.

Ад народзін пра Арнольда і Паўля казалі: адзін твар на дваіх. Блыталі ўвесь час. Браты ўсё рабілі разам, толькі вось жаніцца на адной дзяўчыне не маглі. Да Станоскі пасватаўся старэйшы, Арнольд, а Паўль, як малодшы, саступіў.

І вось цяпер Паўль глядзіць, як вядуць да яго Станоску, у белым карунку ды з чорнай жалобнай стужкай на плячы. У яго самога такая ж, прыпамінае ён.

Святар прыступае да сакрамэнту, бубніць сабе нешта неразборліва. Паўль не слухае: аглушаны горам, стомлены пасля начнога дбання над целам, адурманены спёртым паветрам і смуродам лоевых свечак, ён плыве думкамі паміж явай і дзіўнай дрымой.

Мроіцца яму, што брат ягоны жывы, вось-вось вернецца і пастукае, як бывала, у акно; а што дамавіна за сцяной — дык то марок, і века яе забілі таму, што пустая. А то і зусім губляецца, хто ж з братоў памёр; і калі спытае яго зараз хто, як яго клічуць, ён замнецца, заблытаецца: Паўль ён ці Арнольд?

Забыўшыся, Паўль не адразу заўважае, што бубнёж спыніўся, і ўсе ад яго нечага чакаюць. Станоска стаіць з працягнутай рукой, пальцы яе дрыжаць. "Пярсцёнак", — успамінае Паўль і робіць крок да не сваёй нявесты.

Раптам са страшным грукатам пляскаюць аканіцы, рэзкі парыў ледзянога ветру праходзіць па хаце. Хтосьці вохкае ад нечаканасці, Станоска ж дрыжыць і Паўль упускае пярсцёнак. Той глуха стукае аб масніцу, устаўшы на рабро, падскоквае і коціцца да сцяны, да люстэрка. Дзіўна, яно ж было завешана, як і належыць; вось і мешкавіна побач валяецца — мабыць, дрэнна замацавалі, з-за чаго яе скразняком і сарвала. Паўль на імгненне сустракаецца позіркам са сваім адлюстраваннем — і адводзіць вочы, быццам гэта не ён сам, а Арнольд глядзіць, як брат крадзе яго нявесту. І праўда ж крадзе — толькі не сабе, а каб нябожчык яе з сабой не забраў.

Старое павер'е: за абяцанай нявестай мерцвяк з магілы вернецца. А вось шлюбная сувязь трывае толькі пакуль смерць не разлучыць, так што калі іх абвянчаць, у нябожчыка не будзе больш улады над дзяўчынай.

Паўль падбірае пярсцёнак і ізноў падыходзіць да Станоскі. Яна працягвае руку, поп аднаўляе мармытанне, яшчэ больш неразборлівае. Паўль надзявае ёй пярсцёнак на палец, і толькі пасля гэтага разумее, што рука не тая.

Станоска замірае, адкідвае галаву назад і ўбок. Карункавыя ружы яе посцілкі жухнуць і марнеюць. Аголеная шыя нявесты афарбоўваецца чырвоным.

— Акрэтсюл ецйыркырп! - раздаецца ў Паўля за спіной, і ён абарочваецца, каб зноў убачыць адлюстраванне: там, у другім пакоі, другі жаніх абдымае нявесту, цалуючы яе ў шыю. Паўль не можа скрануцца з месца, намагаецца ўспомніць: павярнуў ён назад, калі падняў пярсцёнак, ці ступіў наперад?

Але тут адна са старых накідвае на люстэрка шчыльную тканіну, надзейна закрываючы яго, і ўсё вакол Паўля апускаецца ў цемру.