Table of Contents
Table of Contents
Settings
Шрифт
Отступ

Калі найцікавейшыя часы майго жыцця засталіся за спінай, і я ўжо мог з іранічным гонарам клікаць сабе «старым бздуном» – а гэта не зусім абразліва ў маім асяроддзі – пайшла мода на нейрасеткі.

Гэтым часам жа ішла амаль сусветная вайна, якую Расія развязала ў Украіне, а мой народ быў выгнаны з радзімы – не цалкам, а толькі тыя, хто хацеў жыць не пад дубцом. Не тое, што астатнія хацелі жыць пад дубцом, усё складаней, канешне; але так атрымалася, што я таксама быў вымушаны пакінуць радзіму.

Але, нейрасеткі.

Навокал адбываўся люты бедлам, і людзі, якія зараз атрымлівалі штодзённа любой інфармацыі ў процьму раз больш, чым калі-небудзь у сваёй гісторыі – яны заўжды былі стомлены ад гэтай інфармацыі.

Нас жыццё да гэтага не рыхтавала.

Наогул, за апошнія сорак год Сусвет памяняўся беспрэцэдэнтна. У нас фактычна адбылася неалітычная рэвалюцыя з прыходам бронзавага веку разам, але ўсё гэта ў паскораным у колькі тысяч раз тэмпе. Ну, можа, ў адну тысячу раз.

Змены, насамрэч, такія істотныя, што мы проста стаміліся іх усведамляць. Мы проста сталі плыць у гэтым патоку свядомасці.

Адны кажуць, што мы развучыліся думаць - неяк кліпава абмяркоўваем усё. Мне здаецца, не зусім так, бо калі б мы развучыліся думаць, ці стаў бы Марс планетай, залюдненай робатамі? Гэта ж зрабілі не тыя людзі якія пыталіся ў маёй, некалі, генерацыі:

«Калі вы такія разумныя, хулі строем не ходзіце?!»

Гэта наогул зрабілі не людзі, якія займаліся самаабмежаваннем у імя чаго-небудзь. Канешне, Непал і Бутан высока духоўныя краіны, але інтэрнэт там не Гаўтама вынайшаў, яго фарангі прывезлі на шайтан-арбе.

Дык вось, мы не развучыліся думаць, а здарылася іншае – чалавецтва пачало жыць у плыні свядомасці, у стане, які раней сабе маглі дазволіць толькі асабліва прасунутыя пісьменнікі, мастакі і музыканты.

Можна сказаць, усе шызануліся, і гэта ў нейкім сэнсе будзе праўдай.

Змяніліся прапорцыі.

Раней, большасць чалавецтва была не творчай, яна займалася зусім празаічнымі рэчамі. А калі сумленна, дык выжываннем. І што важна, большасць людцаў думала выключна рацыянальна, кшталту – трэба зрабіць гэта, таму што заўтра будзе няма што жэрці, а калі не буду жэрці, я буду кволы і не буду здольны суседу галаву тапаром знесці, а то ці мала? Гэта метафара, безумоўна; але было няшмат асобаў, хто наогул наважваўся глядзець у неба ды варон лічыць.

Тое, што зараз клічацца бёрдвотчынгам, раней было прыкметай ідыятызму.

А значыць, зараз проста большасці жывых нішто не перашкаджае быць творцамі.

Уявіце сабе старажытную вёску, дзе большасць жыхароў вершы прыдумляе ды на дудзе грае.

Гэта немагчыма.

Чаму так атрымалася – я не хачу разважаць, без мяне ўжо даўно ўсё развалтузілі.

Але, атрымалася так, што мы стаміліся стамляцца ад новай інфармацыі. Мы рашуча панізілі парог уваходу ў мастацтва (што наогул не робіць сапраўднае мастацтва нізкаякасным, бо другасныя аўтары ў гэтых умовах і самі доўга не функцыянуюць, і іх творы больш дня не дыхаюць), з’явіўся натоўп інфамахляроў, якія абяцаюць квантавую фізіку за восем хвілінаў растлумачыць, усё перакульнулася дагары нагамі. Найгоршае, што пачаліся сацыяльныя і (як я ненавіджу гэтае слова) геапалітычныя працэсы, усё гэта балюча вельмі. А, кавід яшчэ быў – я тады амаль не памёр, цудам дактары выцягнулі з таго свету за сапель з носу… кавід да таго ж і не сышоў нікуды, побач шкандыбае.

Мы стаміліся стамляцца думаць рацыянальна, і тут да нас проста з космасу далучыліся нейрасеткі. І яны далі адказ – як нам думаць і як выжываць.

Цяпер нам стала зразумела, чаму размаўляць і кеміць так, што адна думка ганяе другую сраным венікам, накатвае адна на адну – нармальна, калі замест адзінага патоку ў галаве пераплятаецца мноства іх і думкі з адной галавы пераплятаюцца з думкамі – на хвілінку – усяго чалавецтва, а праз то здаецца што стаіць аглушальны гоман і наогул – хаос!

Мо мы і ішлі да таго, каб стаць нейкай нейрасеткай?

Я пішу гэты твор для таго, каб паспрабаваць адчуць сабе не Праметэем, а R2D2.

Бо і чалавекам, як было раней, я трохі стаміўся быць. Хачу перайсці на новы ўзровень. Забяру тое, што мне здаецца найлепшым і найкарысным, а тое, што цягне мяне ў тую вёску, дзе я не выжыву – пакіну ім, тым, хто захоча застацца ў той версіі Антрапагену.

start <"title"> [/d <path>] [/i] [{/min | /max}] [{/separate | /shared}] [{/low | /normal | /high | /realtime | /abovenormal | /belownormal}] [/node <NUMA node>] [/affinity <hexaffinity>] [/wait] [/b] [/machine <x86|amd64|arm|arm64>] [<command> [<parameter>... ] | <program> [<parameter>... ]]

Мне часам здавалася, што ў гэтым горадзе апроч мяне таксама хтось жыве.

Усё, што я ведаю – гэта сваё месца жыхарства, што яго атачае і што далёка я не магу хадзіць.

Горад вялікі, у ім поўна жылфонду, у ім ёсць крамы і кінатэатры, і ўсё гэта ёсць пустым.

Калі я спускаюся з другога паверху і выхаджу ва ўтульны пусты дворык, дзе нікога няма і нават птушкі не спяваюць, я ведаю, што магчымасці цікаць у мяне няма.

У мяне баліць лагво і сцягно, мне іх дапамаглі вывесці са строю ў турме. Нас там ганялі па катакомбах – па адчуванню кіламетр ці два. Бегчы трэба напаўсагнутым, бо столі невысокія, а па баках стаяць менты, усміхаюцца і гуляюць дубцамі. То бок, не здолеў дыстанцыю – атрымай адзнаку дубцом. Адзнаку я не хацеў, я хацеў выжыць, таму гасаў як усе. Высунуўшы язык, страчваючы дыханне і жадаючы толькі, каб гэта ўсё скончылася. Калі штось у сцягне храбуснула, я пастараўся не звяртаць увагі, проста працягнуў жыццё ў шарэнзе.

Тады мы дабеглі да камер, дыхавіца мяне катавала яшчэ доўга-доўга, я яе хаваў, але не вельмі атрымлівалася… І калі нас закінулі ў камеры, я паклаўся на нары і ўпільнаваў у ярус нараў вышэй. Мая свядомасць адключылася. Што ў мяне з лагвом, мне было да ліхтарыка.

А потым яно так сабе зажыла, як на сабаку, я і забыўся.

Потым было шмат падзей, і тое што храбуснула колькі раз храбусцела зноў, і зноў зажывала, і так пакуль не стамілася зажываць. І вось я хаджу з трысцінай. Не далёка, канешне, але хаджу.

Я хаджу ў краму, у якой няма нікога, але на паліцах можна знайсці нейкі тавар, які дапамагае мне жыць. Кансервы там, крупы. Каб дайсці да крамы, трэба шкандыбаць паўгадзіны ў места, каб выйсці з крамы – трэба расказаць верш, ці анекдот. Інакш дзверы застануцца зачыненымі.

Звычайна я бяру мінімальны набор ежы, каб не вельмі цяжка і не надта фанабэрыста. Звычайных спагеці, цёртага сыру і паўфабрыкатных катлет дастаткова, хаця наогул, каму цікава, чым я вячэраю. Набіраю заплечнік жрадла і іду на выхад. Дзверы зачынены.

Я пракашляюся і пачынаю дэкламаваць: