Table of Contents
Table of Contents
  • Засталіся без радзімы»
Settings
Шрифт
Отступ

Засталіся без радзімы»

Потым пануе цішыня. Крама разумее, што дадзены верш працягу не мае і расчыняе дзверы.

Без скрыгату. Дзверы расчыняюцца з гукам, які нагадвае лёгкі стогн. Так звычайна ранкам стогнеш, калі ўздымацца не ахвота, а на працу ісці трэба.

Вось я выйшаў на вуліцу, спыніўся ацаніць надвор’е. Ісці мне зараз толькі дадому, бо хаця мае дарогі не заблакаваныя ні ў які бок, мае мазгі так не працуюць. Яны працуюць досыць глючна.

Я гляджу на шматпавярховікі перад сабой і бачу восень. Восень звычайная, з вятрамі, з хмурымі нябёсамі і дэпрэсіяй, якая бачна на даляглядзе, якой няма краю. Птушкі лятуць у вырай, а саўндтрэкам да гэтага ўсяго – шамаценне травы і лісця.

Раптам у маіх вачах міргае і пачынаецца зіма. Сцюдзёная, але зусім без снегу. І без сіверу. Ніякая зіма. Проста, як факт і ў імгненні - жыві цяпер з гэтым.

Паўгадзіны я іду да хаты, я мінаю магістраль, на якой няма аўто, я мінаю мост, па якому ніхто не ходзіць, я мінаю невялічкі лес, гаражы, якія даўно разбураны, дзіцячую пляцоўку, дзе ніхто не гуляе, і сметнікі, якія ніхто не папаўняе і ніхто не вывозіць, і нарэшце прыбываю ў пункт прызначэння.

Здаецца, звычайны шматпавярховік савецкай эпохі. Вялізарная фартэцыя, складзеная ў адзін жылы блок з чатырох жылых дамоў. Жыў бы тут без гора, але не магу без прыгод і фокусаў падсвядомасці, таму мой дом - гіперкуб.

Паднімаюся на другі паверх, адчыняю дзверы, як заўжды думаю, чаму я не займу кватэру на першым, дзе ніхто не жыве, захаджу ў хату і працягваю жыць па інерцыі.

«Сёння я ўжо нікуды не пайду. Паліва скончылася» – думаю я, і маю я на ўвазе зусім не макароны.

Я раблю сабе кубак гарбаты з мёдам, саджуся ля кампутара (як належыць калі ты жывеш у непрытомнасці, маецца і электрычнасць і інтэрнэт, толькі няма для каго гэта раскоша) гляджу ў вакно і разумею, што калісьці, у іншым жыцці так выглядала вуліца ранкам Новага году. Калі ўсе пападалі, альбо пахаваліся па прытулках.

Ранак новага году, на стужке Мёбіуса.

І я тут жыву. І часам здаецца што не адзін, але то зрэдку.

Часам мяне наведвае адзін прывід. Гэта шэры кот. Здаецца, я калісьці вельмі блізка ведаў гэтага коціка і меў з ім добрыя адносіны.

Але зараз кот дэманстратыўна не ішоў на рукі і аддаваў перавагу дыстанцыі. Асноўны час ён бавіў на балконе і паліў нейкі незразумелы тытунь.

Так, з ягонага рота тырчала самакрутка і павольна дыміла. Я колькі не зорыў, так і не ўкеміў, ці ўзацяжку ён паліць, ці не. Надта філасафічна гэта выглядала, але мяне чамусьці зусім не дзівіў кот, які паліць цыгаркі на балконе. Тут, як кажуць, кантэкст важны, а я праўды цалкам не ведаю.

Яшчэ адна цікавая дэталь – на рукі кот не толькі не ішоў сам, падобна на тое, што ў яго было нейкае абмежаванне фізічнага характару.

Напрыклад – я сяджу ў пакоі з балконам і назіраю коціка, які сабе зацішна дыміць і зрэдку глядзіць у мой бок. Я ўзнімаюся і іду на балкон, з мэтай сустрэцца з жывёлай сам-насам, і вось калі я толькі перасякаю мяжу паміж балконам і пакоем, сам апынаюся на балконе – кот імгненна тэлепартуецца ў пакой, у раён шафы, дзе ён ужо без цыгаркі проста вывучае прастору. На балконе тым не менш усё ж такі застаецца водар самакруткі, і нават бачны клубы дыму, якія развейваюцца.

Ну часам ката перамыкала і ён мог узнікнуць у не асабліва чаканым месцы. Напрыклад, ён мог матэрыялізавацца ў паветры пасярод калідора ці ваннага пакою, у стане левітацыі, але выглядала гэта так, быццам ён проста валяецца на канапе і вылізвае поўсць – старанна і сканцэнтравана, не звяртаючы ўвагі зусім ні на што.

Толькі зрэдку ён пачынаў вастрыць вушы і прыслухвацца да свету, нешта разглядваючы пільна ў сценах кватэры. Але гэты сігнальны збой не затрымліваўся, кот хуценька зноў пачынаў мыцца, а як памыецца – на балкон, паліць.

Такім чынам кот існуе толькі ў рэжыме недатыкальнасці. І мы калі і будзем камунікаваць, то выключна праз тэлепатыю.

Гэты ж гад мне аніводнага слова не пракаўкаў дагэтуль.

Я сяджу і назіраю за тым, як коцік паліць на балконе і спрабую зразумець, чаму я не магу да яго дакрануцца, чаму ён існуе ў маім свеце ў якасці прывіду.

Адзіная версія, якая мне лезе ў кепал - тое, што гэта такая праява свабоды. Каты ж яны найвальнейшыя жывёлы сярод усіх, што я за жыццё бачыў.

Кот, ён - кот. Ён нікаму не падпарадкуецца, і калі да цябе падыходзіць, дык толькі таму што сам так вырашыў. Мо нешта ў табе знайшоў цікавае і сяброўскае, а мо проста пашкадаваць вырашыў, а то што ты як лайно ў палонцы.

Плывеш па жыцці.

А інакш кот робіць, што яму хочацца. Хоча паліць на балконе - паліць на балконе, хоча левітаваць у калідоры - левітуе ў калідоры. Вольны звер.

Пакуль я думаў так, гледзячы на тварыну, крыху зайздросцячы і рамантызуючы сапраўдную сітуацыю, на вуліцы зноў нешта глюканула і пачаўся моцны снегапад. Пачалася насамрэчная завіруха. Узняўся досыць моцны сівер і я парадаваўся, што нядаўна прыйшоў з крамы і мне няма неабходнасці поўзаць хаця куды ў нягоду.

Не зусім сінхранізуючыся з надвор’ем я падумаў, што ўсё выглядае так, быццам з рэальнасці ў маім свеце засталася гэта карцінка за вакном і кот, які не факт, што не вынік гульні маёй фантазіі.

«І чаму ўласна так мне выпала?»

Потым я зноў зірнуў на ката і зазначыў, што той пачаў пускаць дым кольцамі, толькі не стандартнымі такімі вялікімі, а маленькімі такімі. Ён дыміў цыгаркай як гэта магчыма рабіць толькі мыльнымі бульбаткамі – шмат шмат дробных і пара вялікіх. Мне здаецца, што ў дыму і колер быў такі ж адмысловы, але зараз гэта досыць цяжка сказаць дакладна.

Я спачатку паспрабаваў лічыць гэтыя кольцы, але хутка заблытаўся і махнуў на гэту справу, як кажуць, галлём.

Але калі я пачаў страчваць да гэтай кацінай імпрэзы цікавасць, у мяне ўнутры галавы нешта гучна дзынкнула.

«Бо ты сам ад усіх адгарадзіўся»

Думка гэта, яўна ўкінутая мне ў мозг звонку – я ўпэўнены – належала кату, які працягваў на балконе паліць з такім выглядам, быццам нішто смачней за гэты дым у жыцці не ведаў.

Адным словам, кот упарта ігнараваў маё існаванне, альбо рабіў выгляд, што ігнаруе.

Ну і я так зрабіў, я пайшоў сабе на кухню рабіць гарбату. У такое надвор’е самы раз.

Але спакойна папіць гарбаты мне не атрымалася. Я ўжо казаў, што мне часам здаецца, што я тут не адзін, дык вось мае засцярогі пачаліся ажыццяўляцца.

На кухню я быў вымушаны рухацца хутка, бо там відавочна нешта адбывалася.

Хтосьці грукаўся знутры лядоўні, хтосьці хацеў вылезці адтуль замест перакусу.

Вось так бывае, ты збіраешся зрабіць асалоду сваім дурным звычкам, набіць трыбуха, летуцець у ляноце, дэградаваць як божанька, а ў тваё жыццё ўрываецца нехта, каго ты наогул не чакаў і вымушае рэагаваць.

Я зайшоў на кухню, а там была адчыненая лядоўня. З яе, прычым, заціснуты праміж дзвюх паліц вылазіў задам наперад Бахарэвіч.

Ён вылез, апрануты ў нейкі банкетны ўбор, лакаваныя пантофлі, бэзавы аднабортны касцюм, з-пад якога выглядала атрутна-жоўтая кашуля з гальштукам-шнурком колеру мне зусім незразумелага. Мне яшчэ запамятаваліся ягоныя шкарпэткі ў стылі канадскага сцягу – ну, мо праз тое, што Канада наогул, як вядома, ва ўсім вінная.

Вылез Бахарэвіч з лядоўні задам, пстрыкнуў абцасам, разварочваючыся да мяне, і я зазначыў, што ў зубах у яго тырчыць зялёная цыбуля.

Трафей з лядоўні, хутчэй за ўсё, а мо ён толькі што з Італіі – я не ведаю.

Ён зрабіў колькі рухаў сківіцамі, узняў да столі ўказальны палец левай рукі і сказаў:

«Пад гэтым знакам пераможаш!»

Я, канешне, не быў надта здзіўлены такім пачаткам гутаркі, бо і так усё навокал не надта ардынарна выглядае. Тым больш, калі твой суразмоўца з'явіўся ў тваёй кватэры такім чынам.

Але на ўсякі выпадак вырашыў удакладніць:

«Пад якім знакам? Палец ці цыбуля, што пераможнае?»

Бахарэвіч тым часам ужо заняў крэсла ля вакна і закінуўшы нага за нагу сказаў:

«Гэта няважна. Любыя знакі ты сам назначаеш. То бок, убачыў ты, напрыклад, цыбулю – залежыць ад цябе – якім знакам ты яе прызначыш, і ці прызначыш яе знакам наогул. Ці будзе ў яе семантыка, ці не. Так што выбірай – палец ці цыбуля, і што гэта для табе. Ці нішто для табе гэта».

Я сеў насупраць пісьменніка і нейкі час мы сядзелі моўчкі. Ён бязгучна (амаль) комчыў цыбулю і зорыў у вакно, а я глядзеў то на яго, то на лядоўню і ўвогуле думаў - што тут скажаш.

З Бахарэвічам я перасякаўся двойчы ў жыцці. Адзін раз гэта адбылося на сустрэчы палітэмігрантаў, якую ладзілі нашы праваабаронцы пад эгідай літоўскіх уладаў. Тады нам прэзентавалі план падтрымкі беларускай культуры ў эміграцыі, ці нешта такое і я, памятаю, выйшаў адтуль з адчуваннем таго, што ўсё гэта рухаецца міма мяне і я, як быў маргіналам на радзіме, так ім і за межамі застануся.

Але. Бахарэвіч. Ён там быў, я яго ўбачыў і нямала здзівіўся, а здзівіўшыся, займеў нахабства і выпрасіў з ім сэлфі. Ён не адмовіў, я падпісаў сэлфі з ім у Інстаграме неяк кшталту «Сенсацыя! Бахарэвіч існуе, ён сапраўдны». Ніхто не пытаў асоба, чаму я так напісаў, але праўда такая, што я да таго наогул думаў, што Бахарэвіч гэта такі Ісус, якога насамрэч не існуе, а яго прыдумалі каб было.

Гэта таму, што пра Бахарэвіча мне ў вушы лілі прыкладна адусюль, усе аб ім казалі як аб божаньку.

Грукае нехта ў дзверы, а ты чакаеш, што зараз там нейкія піянеры (неабавязкова) спытаюць, ці маю я час паразмаўляць аб Госпаду нашым, Альгердзе?

А потым я яго ўбачыў, і зусім ён не падобны быў на месію, а звычайны ўзважаны чалавек з пачуццём годнасці.

Пазней мы яшчэ раз сустрэліся навертам, гэта было ў Пражскім аэрапорце. Я вяртаўся дамоў з працоўнай камандзіроўкі, а ён – ну не ведаю, напэўна з якой важнай сустрэчы, самі прыдумайце. Калі я з ім павітаўся, маўляў, тое-сёе, бачыліся ў Вільне, ён глянуў так праз мяне, што мне стала сорамна за то, што я зроблены з шкла. Хаця я і разумею, што ён мяне проста выключыў з архіваў сваёй памяці, і такіх як я «выпадкова бачыліся ў Брагіне» у яго процьма (у рэшце рэшт я таксама далёка не ўсіх памятаю, хто на канцэрты мае хадзіў – памяці не хапае) – але тут чорт на маім плячы такую істэрыку закаціў, што я пакрыўдзіўся і з ганарліва ўзнятым да гары шнобелем крочыў на свой самалёт. Тыпа такі – вельмі трэба!

А вось зараз, падсвядомасць мне прыслала такога вяшчальніка. Сам спадар Бахарэвіч.

«Напэўна, цяпер да мяне будуць зʼяўляцца такія ўяўныя сябры, да каго ў мяне маецца падобная недарэчная прэтэнзія… Уё, курва…» – я ў думках схапіўся за галаву, гадаючы, хто можа яшчэ мяне наведаць у такім фармаце.

Я збянтэжана пакірхаў і сіпла запытаў:

«Такім чынам, з якой нагоды візіт? Чым абавязаны?»

Альгерд павольна развёў рукамі і сказаў, што ніхто нікому нічым не абавязаны, але тут ён знаходзіцца па добрай волі і патрабуе гэта ўлічваць.

«Як і ўся твая ўяўная сябрына, яка можа наведаць цябе ў любы момант, я з’явіўся тут каб узняць табе настрой. Хаця, ты, канешне, усведамляеш, што я не стэндапер і не праз жарцікі гэта буду рабіць. Калі наогул у мяне гэта атрымаецца».

«Мая ўяўная сябрына?» – перапытаў я.

«Так, а што бянтэжыць? Пачнём з таго, што ўсе твае думкі аб самоце не маюць пад сабой аніякай глебы і сяброў у табе хапае».

«Уяўных? О, гора мне».

Бахарэвіч выцягнуў руку, спыняючы мяне.

«Стоп, уяўных толькі таму, што інакш да табе не дабрацца. Сюды інакш проста не заглыбіцца».

«Тлумачальную брыгаду, калі ласка. Куды сюды? Я знаходжуся дома і навокал акурат тое, што з’яўляецца рэальнасцю».

«Што ты клічаш рэальнасцю, тое, што бачыш, ці тое, што хочаш бачыць? Хвароба беларуса. Мне і так утульна, так хай гэта будзе рэальнасць. У мяне тут кот, закатачкі, зіма за вакном, я так звыкся. Так звыкся, што нават падумаць не магу аб тым, што наогул існуюць іншыя варыянты быцця. Але так гэта не працуе».

«Я не маю закаткаў, я іх не раблю і не набываю».

«Закатка – гэта прыкмета хатняй утульнасці звычнага ладу жыцця. Ты ж пісьменнік, ты мусіш разумець сімволіку!»

«Я цяпер пісьменнік?»

Я усміхнуўся.

«Ну вось, прагрэс так прагрэс. Можна лічыць, што мяне ў рыцары прынялі. Спадар Бахарэвіч прызнаў мяне пісьменнікам, а з якіх часоў…»

«Хвілінку», – перабівае тут мяне ён – «А хіба я гэта адмаўляў калі-небудзь?»

Я задумаўся. Ну так, ніколі не адмаўляў, з верагоднасцю 99 адсоткаў ён нават не ведаў што я існую на літаратурным поле. Да таго ж, я заўжды як дурань ганарыўся сваім маргінальным статусам і што, вось не клічуць на бамонды і не трэба, сапраўднаму індзейцу заўжды скрозь нішцяк. Мо дарма выёжваўся, трэба было неяк больш актыўна пра сабе заяўляць?

Звычайна ж мая пісьменніцкая дзейнасць выглядае прыкладна так: я пішу нейкі опус, публікую яго на пляцоўках, якія даступны – як правіла, там прэстыжнасць мінусавая – і чакаю, калі да мяне прыйдзе сусветная слава. А ў працэсе чакання валяюся на канапе і шкадую свой геній, які не прызналі.

«Ну так» – пагаджаюся я – «Лішняя іранічнасць, не да месца. Выбачаюся».

Альгерд прымірэнча хмыкнуў:

«Гэта ў мінулым, да таго ж, такія пачуцці, бывае, і мяне накрываюць».

«З чаго раптам так, ты, здаецца паспяховы і запатрабаваны грамадзянін, і хаця я не ведаю дэталі тваёй кар’еры, здаецца яна не выглядае як шлях у цемры».

«Таму што ты яе ў дэталях не ведаеш. Эпізодаў, калі хацелася таксама легчы на канапу і, перакрыжаваўшы рукі, глядзець у столь, шкадаваць сабе – такіх эпізодаў было досыць. Проста я меў мэту і ішоў да яе. Я збіраўся пісаць па-беларуску і так і рабіў. А калі накатвала дэпрэсія, я працягваў пісаць і камунікаваць па-беларуску, праз роспач і адчай, праз «не хачу». Так я ратаваўся. Калі ты акрэсліўся з мэтай, якую можна апісаць у адным сказе – жыць будзе значна лягчэй. Таму што будзе мінімум месца для сумневу і дурных думак. Дарэчы, зрабі і мне гарбаты, таксама як і сабе – чорнай, без цукру, а то, ведаеш, з прысмакам цыбулі ў роце дыскутаваць не вельмі зручна».

Я кіўнуў галавой, уключыў прыладу каб закіпела вада і дастаў з шуфлядкі пакетаваную гарбату. У рэшце рэшт я на кухню ішоў не з літаратарамі размаўляць, а папіць гарачага.

Калі гарбата была разліта па кубках, мы працягнулі гэту дзіўную гутарку.

Пад гарбату мы абмяняліся думкамі на розныя тэмы, гаварылі наконт літаратуры, музыкі і кіно. Я, хаця і падтрымліваў размову як мог, але з кожнай хвілінай адчуваў сабе ўсё большым галганам, бо пра музыку яшчэ тое-сёе я мог сказаць, а калі пра літаратуру загутарылі, у мяне галава закіпела ў пошуках сэнсаў.

Але Бахарэвіч гэта бачыў і рэзка мяняў тэмы размовы, бо яўна не збіраўся скінаць маю самаацэнку за ліштву ніжэй.

Калі я выразіў сумнеў у тым, што дастаткова ведаю беларускую мову наогул для таго, каб рабіць на ёй сур’езныя экзэрсісы ён сказаў:

«Вось ты размаўляеш па-беларуску? Я – не, ані слова не разумею, а хто размаўляе па-сапраўднаму? У нас такая складаная мова, што беларус аддае перавагу вывучыць ангельскую і, божа збаў, расейскую, абы не катавацца вывучаючы магічнае і немагчымае «як слышыцца, так і пішацца». Так што гэта зусім кволая адмоўка. Тое ж самае пра тваю зданнёвую дасціпнасць, тое што ты казаў – людзі да цябе ідуць, а ты вочы адводзіш. Лайно ўся тая сарамяжлівасць. Няма карысці ані людзям, ані табе. І ў госці хадзі сам і да сабе запрашай. Таму што ўсе твае бянтэжкі «у хаце пабуду» – гэта дарма загінуўшыя нейроны, недараспавядзёныя гісторыі і ненароджанные ідэі. Кожны раз, калі ты пачынаеш енчыць і не ідзеш на сустрэчу, на якую запрасілі – гэта магчымасць, якую ты забіваеш. Народ у «Пагоне» абмяркоўвае кіно, якое табе не спадабаецца, ці сінгл, ад якога табе адварочвае – хадзі проста праспрачацца. Гэты абсентызм, насамрэч, дурная думка. Калі ты не наведваеш сябрыну, нават не гледзячы на тое, што не ўсіх там цалаваць хочацца – ты не дапамагаеш людзям».

Я было хацеў пярэчыць, што сярод нашых больш чым хапае і крэатыўных і паважаных і свежых людцаў, каб нішто на месцы не стаяла, але Альгерд мяне выперадзіў:

«І гэта толькі здаецца, што нас тут амаль уся краіна, што ўсяго на ўсіх хопіць. Тут не трэба марамі сябе цешыць, нас насамрэч меншасць і менавіта таму нам патрэбны кожны. Нягледзячы на тое, што ён сабе думае і які цэннік сабе на лоб лепіць».

Бахарэвіч раптам спыніўся, быццам нешта пачуўшы, паставіў на стол пусты кубак і паглядзеў на свой гадзіннік. Канешне ж, як джэнтльмен, ён насіў на прыдалонне сапраўдны гадзіннік і я не ведаю якой маркі. Але ўбачыўшы ягоную прыладу, я згадаў, што ў мяне ёсць «Луч», які мне падарылі на працы, гадзіннік круты і харызматычны, праблема што там парвалася дзяжка і натуральна здохла батарэйка. А што, калі…

«Так, гэта спраўная думка! Наведай гадзіншчыка, вядома. А потым вяртайся да нас».

Ён сказаў гэта з такім выглядам, нібы тэлепатыя была адной з умоў нашай сустрэчы. Ад такой упэўненасці ўсе мае пытанні зніклі і я толькі кіўнуў галавой у знак згоды.

А спадар пісьменнік бачна што ўжо збіраўся кудысьці ў іншае месца.

«Так, трохі лёду я растапіў, так што магу пакідаць твае апартаменты праз выцяг! Ну, бывай, камрад!»

Ён падышоў да пліты, уключыў выцяг, і махнуў мне рукой, выпарыўся разам са старым паветрам.

Звычайная справа, калі ты сапраўдны пісьменнік.

Я наблізіўся да вакна і зазірнуў туды. На вуліцы было цёмна і лупіў бязлітасны халодны дождж.

У маім кубачку заставалася астылая гарбата, што я звычайна не вельмі шаную, але зараз я цадзіў яе марудна і спрабаваў разглядзець, што там за дажджом. На імгненне мне падалося, што там свеціць сонца і гуляюць людцы, але імгненне хутка скончылася. Мяне зноў агартала непрытомнасць.

Мне прыснілася, што я знаходжуся ў Беларусі, але жыву на канспірацыйных умовах, бо вышук, а я чамусьці згубіў пашпарт; і адзіны дакумент, па якому можна зразумець, што я – гэта я, гэта мой праязны квіток. Ну вось неяк так, як заўжды ў снах.

Свет быў двух колераў – чорнага і блакітнага. Астатнія колеры былі фонам, іх было яўна недастаткова.

Я прыехаў на тралейбусе ў луна-парк і ўбачыў там свайго кузэна, Вальдэмара. Насамрэч, ён Уладзімір, але ўсё жыццё яго больш вабіла арыгінальная германская версія імя, таму ён заўжды казаў, што я Вальдэмар. Я б іржаў, каб сам не клікаў сабе Лэслі.

Вальдэмар па луна-парку хадзіў апрануты як імператар з легендарнай кінастужкі «Флэш Гордан» і чамусь расліннасць на твары меў абсалютна такую ж. Быў ён ростам раза ў тры больш чым у рэальнасці. Хадзіў ён у егіпецкай манеры, тыпу – сорак крокаў леваруч, сорак крокаў праваруч, адна далонь кобрай перад ілбом, другая вужакай ля хвасцецу, ніжэй за спіну.

Хадзіў, а дакладней, блукаў ён так з усмешкай чалавека, які адсутнічае ў гэтай рэальнасці і рабіў гэта да таго моманту, пакуль я яго за бакенбард не схапіў і не закрычаў нешта неразборлівае.

Нешта такое:

«Га! Аааааааа?!»

Быццам хацеў пракрычаць нешта пра гармонбазію, але забыўся на слова.

У наступны момант стрыечнага брата зашчаміла і ён забіўся як кепская гіфка. А мо і хутчэй.

За яго спінай быў лес, і праз гэта дрыгаценне гэты лес з лямантам пакінулі ўсе магчымыя птушкі, а месцамі было бачна, што яны спяшаліся так, што пацягнулі ў вырай за сабой дрэвы і яшчэ херуцям што.

Пакінуўшы Вальдэмара ў такім стане (дарэчы, ён хутка зменшыўся да звычайных памераў і як нішто не здарылася сышоў у невядомым накірунку, так мяне і не зазначыўшы), я прысеў на зэдлік.

Побач села жонка.

«Ну і што цяпер рабіць?»

Яна паціскала плячыма і сказала:

«Тут цяпер небяспечна. Думай варыянты».

Я падумаў і сказаў:

«Ну я магу схавацца ў Карпатах. Ва Украіне вайна, але там усё роўна не так бяспечна як мне тут зараз, пасля таго як я так нашумеў».

«Ну такое»

«А што не так з Карпатамі?»

«Дык чаму Карпаты наогул? Што табе тыя Карпаты?»

Я глядзеў на дарогу і па ёй каціліся сотні мапедаў «Карпаты» – без седакоў, проста кацілася зграя мапедаў.

«Тады іншы варыянт. У паеду ў Прагу. Чэхія – краіна для мяне амаль ідэальная. Мяне там ніхто не ведае і дурных пытанняў не будзе задаваць. Уладкуюся неяк. Пачну ў людцы выбівацца. Люльку куплю, тытунь пачну вырошчваць. Піва, кнедлікі, пажарны аркестр. Вяргіня і шыпшына».

«Вось гэта варыянт» – сказала жонка, узнялася і хуткімі крокамі сышла прэч.

На зэдліку яна пакінула чорна-белую газету «Гомельская праўда» дзе на галоўнай старонцы было надрукавана буйнымі літарамі:

«Ты ЎЖО ў Літве»

Тут я прачнуўся.

Сыходзячы з таго, што «рабіць у хаце нема чаго» і кудысь хадзіць трэба проста дзеля здароўя, наступным днём, калі зіма троху заціхла, я пайшоў да Тэлевежы.

Віленская тэлевежа, як вядома – месца сілы. Амаль у літаральным сэнсе. Тут у час развалу Саўку літоўцы супрацьстаялі ванюшам і перамаглі. Перамаглі кроўю. Былі ахвяры. Ванюшы ніколі не шкадавалі людцаў, і заўжды стралялі па цывільных з большым задавальненнем і жаданнем, ніж па вайскоўцах.

Я жыву на вуліцы Асанавічуце. Ларэце Асанавічуце было 23 гады, калі яе раздушыў савецкі танк ля той самай Тэлевежы. Яна была ў ліку грамадзян, якія выйшлі абараняць свабоду. Незалежную крыніцу інфармацыі. Я не мастак пераказваць такія падзеі, таму калі вам цікава – спадзяюся, у гугле вас ніхто не баніў і вы можаце самастойна даведацца пра дэталі.

Там сумна і велічна адначасова. Усё што магу сказаць.

Я перайшоў дарогу, потым наблізіўся да мэты праз падземны пераход і перайшоў апошнюю трасу, якая аддзяляла мяне ад вежы.

Тры шляхі перасекчы. Над зямлёй, пад зямлёй, над зямлёй. Калі ўпадаць у нейкі містыцызм, дык атрымліваецца што гэты кароценькі маршрут ад хаты да вежы можна апісаць

у словах, якія больш пасавалі да якога палеалітычнага эпасу паўночных народаў.

Я пачуў як закрумкаў груган над маёй галавой, і зірнуў у нябёсы. Сапраўды, там ценю патрымцеў чорны сілуэт. І знік за дрэвамі парка, які пачынаўся акурат за вежай. Там шмат сцежак, не спяшаючыся можна дайсці да ракі… Але і па дарозе шмат дзівосаў.

Так, стой, падумаў я. Я ўжо даўно не бачыў птушак так блізка. Нагадаю, у маім двары яны наогул вымерлі. А на шпацырах я звычайна бачу вельмі здалёк, і гэта доўжыцца ўжо вельмі даўно.

Я дашкандыбаў да зэдлікаў ля ўваходу на тэрыторыю Тэлевежы, прысеў і задумаўся, над, здавалася б, відавочнай рэччу, але яно ўсё неяк міма плыні свядомасці пранасілася.

«Колькі я ўжо так?»

Пытанне не такое ўжо простае, як можа падацца.

Я развучыўся лічыць час. Я яго магу толькі неяк гарызантальна адлічваць. Так, я зараз жыву, у гэтай непрытомнасці час як стужка мёбіуса, я амаль рухаюся па колу, але кола гэта здаецца ў два разы большым чым насамрэч.

Навокал мяне ўсё знаходзіцца ў нейкім стазісу, і свет жыве ў рытмах эмбіэнту. Звычайна гэта проста музыка без тэмпу і без рытму, гукавое слоўмо, але калі я рухаюся па сваіх мерках хутка, наваколле можа нагадваць Папуа Новую Гвінею ў выкананні FSOL.

Але я не магу працягла рухацца шпарка, мне патрэбны паўзы на павыдыхаць і паразважаць.

Вось чарговая паўза і мітусня думак у галаве.

Груган. Час. Эмбіэнт.

Я ўзняўся і пайшоў у гору, абыходзячы тэлевежу. Там, за ёй была галубятня, а побач маленькі цвінтар, на якім былі пахаваны жывёлы-кампаньёны. Каты і сабакі, а можа яшчэ якія чарапахі.

Я пайшоў у той бок, зусім не плануючы нічога і не тлумачачы сабе, навошта я іду туды.

Ля галубятні я напаткаў нейкі люты дурдом, які прымусіў мяне спыніцца з разяўленай зяпай і задумацца аб сэнсе жыцця.

Звычайна тут было месца, ці максімум людцы сваіх сабакаў выгульвалі, я неяк прыходзіў сюды выгульваць свой дрон – была ў мяне ідэя навучыцца кіраваць квадракоптэрам у агульнаадукацыйных мэтах (я так жа вучыўся гульні кампутарныя рабіць, проста каб разумець як яно знутры ўладкавана. Асаблівага поспеху не меў, але набліжэнне Альцгеймеру троху пасунуў). Яшчэ аднойчы я бачыў тут як практыкаваліся майстры фаер-шоў, махалі агнямі і скакалі, рабілі нешта сярэднявечнае. Але я ніколі не бачыў таго, каб перад галубятняй стаялі штук дзесяць шэрагаў кардонных сілуэтаў людзей у ўніформе чырвона-зялёных колераў. Іх нямоцна і павольна шкуматала ветрам пад гукі галоўнай тэмы з фільмаў «Гары Потэр» у выкананні як мінімум сімфанічнага аркестру, а перад імі гогалем праходжвалася Маргарыта Ляўчук у вобразе Еленаўны. Толькі гэтым разам яна больш паходзіла не на цётку з выканкаму, а на супрацоўніцу Бухенвальду, у больш фашызаваным уборы, з павязкай на левай руце, на якой была намалёвана ротарная жняярка. Калі вы не ведаеце, якая гэта манструозная херня, пацікаўцеся абавязкова. Гэта такая прылада, якая нагадвае шырока расстаўленыя рукі, паміж якіх круцяцца колькі (у дадзеным выпадку чатыры) жняярак – вострых і небяспечных. Адным словам, яшчэ той візуальны эўфемізм свастыкі.

Я пасля Бахарэвіча ўжо разумеў, што са мной адбываецца нешта зусім не стандартнае і бачу я ні ў якім разе не тое, што можа прапанаваць рэальнасць, так што я скеміў, што гэта нейкі гратэскны аватар, і Еленаўна тут не сапраўдная. З гэтай Еленаўнай не ўсё добра, не ўсё ў ладзе.

Таму я пастаяў крышку і вырашыў падысці бліжэй, разглядзець гэты цырк у дэталях.

Быццам рэагуючы на маё набліжэнне Еленаўна сувора бліснула вачыма ў мой бок, усміхнулася на ўсе сківіцы і гучна выдаўшы:

«Ну што, змагарыла!» – заскочыла на дах галубятні.

Там адкуль невядома з’явілася драўлянае вінтажнае крэсла, у якім яна імгненна апынулася.

Я спыніўся ў раёне трэцяга шэрагу кардонных дурылак (яны шамацелі незадаволена, быццам ім было прыкра знаходзіцца побач з мною, а часам, здавалася што яны як жывыя пераглядаюцца і кідаюць на мяне касяка) і стаў чакаць на працяг падзей. Далей рухацца не было сэнсу, бо там мне было горш бачыць мадам.

«Я тут, Марго». – я ляпнуў першае, што ўлезла ў галаву.

Яе сустракаў таксама мімаходзь як і Бахарэвіча, і калі не памыляюся, на тым жа раўце. Маючы сотню агульных знаёмых і інтарэсаў, я перасякаўся з ёй як Нептун з Меркурыем, хаця мы былі адно Авен, і планета ў нас была агульная Марс. Прабачце што аналогія выйшла дурнаватая, але, па-першых, які аўтар, такая аналогія, а па-другіх, ну яно так і было прыкладна.

Еленаўна цыкнула.

«Хто і дзе – вырашаць буду я, а ты рыхтуйся, ёсць пара нявырашаных». Яна дастала з кішэні тэлефон і ўнурылася ў яго. Напэўна, нешта вычытвала.

А я пачаў гнаць абы-што:

«Форма імя Марго, мне здаецца, не вельмі табе пасуе. Мне заўжды падавалася, што табе больш падышла б ангельская форма – Мод. Як каралева Мод. Ведаеш, ёсць такая зямля каралевы Мод? Мела бы ўласную зямлю. Калі спатрэбілася бы».

Яна паглядзела на мяне звысоку і спакойна сказала:

«Нічога ты не ведаеш, а ўсё з сабе разумніка строіш з сабе. Мод – гэта скарочанае ад Матыльда, а Марго – і ў Англіі Марго. Вось так». Яна зрабіла міну і зноў унурылася ў чытанне.

Шыхты кардонных дурылак загулі прыхільна, а я пасоп носам і азірнуўшыся разгублена падумаў:

«Адзін нуль на тваю выйгранку».

Надвор’е зноў пачало мяняцца, прычым, я звярнуў увагу на тое, што я неяк хуценька забыўся, якое надвор’е было толькі што. Зараз на вуліцы была халодная восень з драбнюсенькім дажджом. Вецер з імпэтам. Гідота, карацей.

Яна зноў паглядзела на мяне з вышыні, вытрымала драматычную паўзу і сказала:

«Сядайце, Наважылаў. Буду з вамі гаварыць па-вашаму, па-змагарску, раз вы нармальнай мовы не разумееце».

«Я разумею. Проста не хачу ёй карыстацца. У яе тэрмін прыдатнасці скончыўся. А як мне сядаць, калі нема на што? Да зэдліку ісці?»

«Не, назад зірні, за спіну».

За спінай, а дакладней, пад спінай насупраць маёй пятай кропкі ўзнік абгарэлы пень. Я не ўглядваўся, але падалося мне, што ён левітаваў у паветры, як мой кот. Проста зусім блізка ад паверхні зямлі, у адрозненне ад майго ката, які мог левітаваць на ўзроўні майго носу.

Я з вялікай асцярожнасцю сеў; як і чакалася, пень паводзіў сябе не надта ўстойліва, зыбаўся пад маёй вагой. Але ў гэтым не было ніякай небяспекі.

Карацей, так ці інакш, пад пільным вокам Еленаўны я ўсеўся і зноў стаў мазоліць на яе вочы.

«Ну давай, пытайся. Толькі нядоўга, я ў такое надвор’е доўга на вуліцы не вісну, я не вадалаз. Як абрыдзее, дамоў пайду».

«Ну добра». – сказала Еленаўна. І тут нечакана спытала:

«Табе зручна на калодзе гэтай?»

Ад нечаканасці я пакоўзаўся, але было досыць камфортна і я кіўнуў у адказ.

«Ага. Тады першае пытанне».

І зноў на хвіліну моўчкі ўнурылася ў тэлефон.

Потым падняла свой погляд на мяне і спытала:

«Як ты спіш зараз? Як раней спаў?»

Я падумаў.

«Зараз я сплю, як тапляк. Ані сноў, ані з боку на бак паваротаў. Багатырскі і бесклапотна сплю. І засынаю імгненна, кладуся і выключаюся. Наступны прыпынак – час узнімацца, піць каву. Гм, ніколі так добра не спаў… А раней спаў кепска, часцяком без прэпаратаў і хрэн засынаў. Ведаеш, каб добра спаць, прыёму прэпаратаў недастаткова, трэба прымаць рэальнасць як яна ёсць, а рэальнасць такая, што прыняць яе даволі цяжка. Мне кепска спалася напярэдадні любых наведванняў дзяржустаноў, напярэдадні экзаменаў і любых сустрэч з кіраўніцтвам на працы, добра спаў я толькі у малодосці, калі з алкаголем сябраваў, і ў часы фенаменальнай стомленасці ад фізічнай працы, якую я ніколі не любіў. Галава ў мяне дурная, розныя думкі ў ёй ніколі не знікнуць. У мяне моцнае ўчуццё. Калі дзесьці пачынаецца вайна – я адчуваю гэта і прачынаюся ноччу. Калі рускія пачалі ноччу бамбіць і абстрэльваць Украіну, я прачнуўся адразу, мне проста як хто вочы разявіў. Прачнуўся і ткнуўся ў тэлеграм, навіны чытаць, а потым я ўжо тыдзень мог спаць толькі ўрыўкамі, бо я баюся вайны. Я баюся сустрэць на вуліцы тыраназаўра і вайны. І тому і тому, я лічу, лепш заставацца выявай у мастацтве. Я напісаў гору песень пра вайну, але не таму што мне яе хочацца. Я так заклінаю яе прайсці міма маёй хаты. Гэта як нябожчыцкая калыханка – у тым выпадку той, хто калыхаў спявае не для немаўляткі, а для смерці, ён запэўніваю старую што тая можа ціхамірна прайсці міма, бо яе працу за яе ці зробяць, ці ўжо зрабілі. Для мяне вайна тая ж смерць, розніца толькі ў тым, што смерці не пазбегнуць, а вайну можна. Але тут таксама старая, якую мае сэнс запэўніць у тым, што мы і без яе ейную працу зробім. Я ненавіджу вайну і смерць. Я ненавіджу восень і зіму. Я ведаю, што мой час паступова зыходзіць, але я стаўлюся да непазбежнага з пагардай. Я нарабіў шмат памылак і лаж у сваім жыцці, а шмат каму прычыніў зла са сваіх родных, але выспаведацца сэнсу няма! Я ўжо адказваю і расплачваюся здароўем за паробленае зло, а пасля таго, як мая батлейка зачыніцца – я проста далучуся да космасу. Не будзе тагасветнага жыцця, ды і чорт з ім, я – чалавек, я складаюся з хімічных рэчываў, з тых з якіх складаюцца зоркі. Адтуль прыйшоў, туды вярнуся, а тое, што я так не буду ўсведамляць сусвет – дык толькі таму што чалавечая свядомасць проста адна з формаў, не факт што аптымальная і найлепшая, і, дарэчы, забагованая ўшчэнт, бо інакш не бачыў бы цябе і гэтых кардонных дурылак перад галубятняй. Насланнё».

Калі я скончыў свой спіч, адбылася дзве рэчы – дождж стаў значна мацнейшым і ўжо добра так лупіў, пры гэтым адчувалася што ён перарастае ў сур’езнае такое залева з наступствамі, вецер таксама не думаў меншыцца і дурылкі гойдаліся ўсё з большым энтузіязмам – некаторыя нават пачыналі праз гэту нягоду страчваць уласныя кавалкі. Другая рэч адбылася з Еленаўнай – па-першае, ля яе надвор’е ніяк не змянілася і ўяўляла сабой, як той казаў: «астравок стабільнасці», а па-другое, змяніўся выраз яе твару – яна глядзела на мяне вылупіўшы вочы, быццам хацела сказаць, што мяне панесла невядома куды.

Потым яна падвела вынік так:

«Ну я не зусім гэта мела на ўвазе, але адказ мне спадабаўся, тэма раскрытая. Але зараз я шчэ пытанне задам, дык ты так не разганяйся, добра?»

На слове «добра» бахнуў гром і вакол мяне закруціў віхраслуп – ён узняў да гары бруд і каплі дажджу, сфармаваў нейкую мутную і нядобразычлівую масу і пачаў наразаць колы ля мяне. Карацей, апошняе слова Еленаўны я ледзь чуў, а яе ледзь бачыў.

«Навжылаў, не знікай, што незразумела?! Адно пытанне засталося, потым адпушчу, ці як атрымаецца. Дарэчы, для разваг інфармацыя – ротарная жняярка на маёй павязцы таксама можа выконваць функцыю нябожчыцкай калыханкі… Чуеш?»

«Чую, чую!»

Я крычаў у адказ, а сам сачыў за віхраслупам, які пачынаў расці побач вальсуючы, ды і залева, якое ўзмацнялася ўсё больш і больш не прыбаўляла бестурботнасці.

«Дык вось, пытанне!»

І тут як націснулі на м’ют.

У сэнсе, вачыма я колькі секунд бачыў што адбываецца, бачыў, што на мяне насоўваецца нейкі эпічны гамон і што дзякуй таму што гэта ўсё адбываецца ў непрытомнасці, бо ў рэальнасці я бы не перажыў такое – 100%. Усё рухалася, сусвет цалкам пераўтварыўся ў гадзіну, якая рыхтавалася да нападу на мяне, але я нічога не чуў, нават не было тынітусу, быццам вусціш пачынала прыходзіць не звонку, але знутры.

Вусціш – слова, якое пасуе да гэтай сітуацыі, але не поўнасцю, а быццам адпавядае толькі ў адной з мяжой бягучай рэальнасці.

І тут да мяне прарвалася пытанне Еленаўны:

«Ці ты бачыў у вакне цунамі?»

Паўза.

Я іду пасярод гомельскай вуліцы, калі ўжо пануе прыцемак. Ліхтароў няма, таму цёмна, як у чорта ў шапцы. Я іду са сваім братам, і, здаецца, усё добра. У яго ў руках нейкі ці то магнітафон у паменшаных памерах, ці друкавальная машынка. Прылада, зразумець назначэнне якой цяжка.

Мы ідзем пешшу, нарэшце заварочваем на іншую вуліцу. Насустрач едзе нейкі грузавік, які слепіць фарамі нам у твар. Я лаюся, але кіроўца не чуе. І вось ён прыязджае міма нас, спыняецца, высоўваецца з акенца кіроўцы, цягне доўгую чорную руку і спрабуе скрасці гэты магнітафон. Брат як можа абараняе сваю ўласнасць, але плёну няма.

Кіроўца крадзе прыладу. Мы ўцякаем дамоў, наш шматпавярховік знаходзіцца недалёка, мы ж амаль прыйшлі.

Заходзім у хату, залятаем літаральна ў пакой, а там бачым гэтага кіроўцу – ён, хлопец гадоў дваццаці, з магнітафонам (ці што гэта) у руках. Мы пачынаем яго лавіць, носімся за ім па кватэры, але ён знікае, быццам раствараецца ў паветры. Мы выбегаем з хаты, носімся па паверху, заглядаем у іншыя кватэры ў пошуках яго – кватэры пустыя, а хлопца няма нідзе.

І вось мы зноў ідзем па цёмнай вуліцы. Я і брат. Цёмна, як у чорта ў шапцы. Мы заварочваем на вуліцу, хутка падыдзем да нашай хаты.

Мы нібы вярнуліся ў мінулае. Але я памятаю ўсё тое, што адбылося.

Я зноў бачу кіроўцу, які слепіць фарамі. Я ведаю, што ён зараз схопіць гэты магнітафон з рук майго брата. Я рэквізую яго ў брата, і мы бяжым у дом. Кіроўца, гэты хлопец, едзе па нас. Але мы забягаем у хату і зачыняем дзверы на ключ.

Мы, спакойныя, ідзем у пакой. Але там... Там ён.

Мы яго спрабавалі злавіць, але мы баяліся яго. Бо дзверы былі зачыненыя.

У рэшце рэшт мы знайшлі яго на кухні, ён сядзеў за сталом і спакойна частаваўся запечанай бульбай.

«Мая бульба!» – крычу я.

Але гэтым разам, ён не спрабаваў уцячы, а мы не спрабавалі яго злавіць. Ён пачаў распавядаць сваю гісторыю, што ён – разумная істота з іншага вымярэння. Што ён тэлепартуецца ў часе, тым самым перамяшчаючыся ў прасторы. Ён сказаў, што мы нават не ўяўляем, што зрабілі... Нешта такое жахлівае, што неспасціжнае чалавеку, звычайнаму з нашага чатырохмернага вымярэння.

Тут ён знікае, таксама знікае і брат, а я гляджу ў вакно і бачу, як здалёк над горадам з’яўляецца каласальных памераў цунамі, якое набліжаецца да мяне марудна, марудна, марудна, але непазбежна.