Table of Contents
Free
Settings
Шрифт
Отступ

Аверс


Акіян быў бязмежны. Большую частку содняў ён быў не тое каб вельмі суцішаны, але навальнічны ён не быў. Гэта была да далягляду мутная водная роўнядзь з невялікімі, метраў у дзесяць хвалямі, над якімі слаўся вулканічны пар. Гэта быў акіян маладой, распаленай Зямлі і вада ў ім была такая, што там было можна папросту зварыцца. Хаця, гэта быў ужо і не кіпень.

Але раз у содні акіян ўзнімаўся са свайго ложку і ўзбіваў сваю пасцельную бялізну. Калаціў падушку, выварочваў прасціну і коўдру, перагортваў усё дагары нагамі і клаўся назад, быць у сваёй дрымоце. Кожныя содні на планеце адбываўся маленькі апакаліпсіс, які акіяну падаваўся руцінай.

Каб у гэтым акіяне было жыццё, яно бы загінала штодзень. Але ў гэтым акіяне было такое нязначнае, мікраскапічнае жыццё, што якраз было запытацца – а ці жыццё гэта наогул? Ну так насамрэч заўжды, калі жыццё на гэтай патэльні ў вас – першае.

Акіян пачынаў калаціць сваю бялізну штодзень, калі на небе з’яўляўся Месяц. І Месяц гэты займаў чвэрць нябёсаў, бо знаходзіўся ён недалёка. І гравітацыя ў яго было ў разы мацнейшая. Таму кожны раз, калі на Зямлю глядзеў з нябёсаў шэры шар, Змялю трусіла ці то ад няўтульнасці, ці то ад жаху. Там, дзе была суша – хаця такіх месцаў было камарова жменя – быццам блэндар перакруціў, пачынай усе нанова. Таму суша і не магла яшчэ доўга жыць сваім жыццём, то танула, то на пясок расцякалася. А там дзе быў акіян, там сустрэчы з Месяцам абыходзіліся дробяззю – цунамі ў два ці тры кіламетры, лёгкі рэстарт і ўсё. Жыць можна, хаця бы толькі і ў найдалейшым куту.

І вось, старажытны акіян пражывае новы дзень, мацае сваю новую ітэрацыю, і перакульваецца хвалямі насустрач Месяцу. І па тых хвалях ідзе невялічкі драўляны караблік, з простым зялёным ветразем. Ён не абсталяваны ані стырном, ані кілем.

Ён быццам выразаны з аднаго аскепку.

На палубе толькі адна дасціпная забудова, у якой можа размеркавацца максімум што два чалавека, месца там амаль няма. Ніякіх выгодаў, ні сесці, не прылегчы няма на што. Ідэальны мінімалізм. Там можна было б схавацца ад дажджу, але дождж быў у гэтых краях найменшай балячкай.

На караблі тры чалавека, і яны выглядаюць цюцелька ў цюцельку, як ты.

Гэты ты і ёсць. Без усялякіх сумневаў, гэта ты, ты і яшчэ раз ты.

Ты, які стаіць на насу караблі, апрануты як кіношны Рабінзон Круза ў лахманы, зробленыя з таго што пад руку трапіла – верыш у свае сілы, ты выклікаеш стыхію на двубой.

«Avanti! Avanti!» – крычыш ты, страціўшы страх і глузд. Ты махаеш кіем, пагражаеш крыкам то нябёсам, то акіяну. Кожны раз, калі караблік узбіраецца на дзесяціметровую хвалю, ты лічыш які гэта быў раз і кожны дзявяты вал сціскаеш рукамі галаву, але пасля таго, як навала мінае, зноў танчыш непрыстойныя скокі, пагражаючы сусвету.

«Avanti!»

Другі ты схаваўся ў каморы сярод карабліка, дзе месца менш чым трэба чалавеку. Ты апрануты як венецыянскі дож, ты трымаеш у руцэ залаты талер, ты глядзіш на яго і кажаш упэўненым голасам: «Status quo». Падлога пад табой ходзіць ходарам, ты губляеш манеты, яна затульваецца пад дошкі.

Ты паваліўся на падлогу, папоўз на карачках шукаць грошы. Карабель падскоквае на хвалях, табе падкідвае аж да столі, ты б’ешся каркам аб камору, крэхкаеш праз нязграбнасць сітуацыі, але тут да табе з падлогу проста ў лапу ляціць талер, які ты амаль не страціў, справядлівасць трыумфуе!

Ты зноўку на падлозе, стаіш стаяком, разглядаеш талер і лічыш сабе ўладарам, калі не сусвету, дык гэтай каморы дакладна, бо калі хто сунецца сюды, нават калі гэта будзеш ты сам – расшкуматаю ўшчэнт!

«Status quo!»

Ты, які трэці, трымаешся за канструкцыі на карме карабля, ніяк не апрануты, стаіш у чым маці на свет нарадзіла і маўчыш. Ты маўчыш, таму што ты поўнасцю пагружаны ў свае думкі.

Ты глядзіш, як за кармой, у кільватары караблю ходзяць хвалі вышынёй у шматпавярховік і твар твой застаецца каменным. Ты не рэагуеш на хістанні караблю, калі той падскоквае на валах, спрабуеш усё так жа моцна трымацца за канструкцыю і маўчыш.

Ты ўжыўся ў ролю цыніку і часам нават перагульваеш, робячы выгляд, што табе ўсё роўна і ты можаш чухаць рукой ніжэй за пасак, а яшчэ плявацца ў першабытны акіян, быццам ты атрахасіс.

Але каб камусьці ты быў наогул цікавы, тады той чалавек проста бы ўбачыў, што думка твая здзяйсняецца як грыгарыянскі спеў.

«Mea culpa».

На даляглядзе з'яўляецца вялізарны Месяц, а пад ім вырастае апошняя хваля. Гэту хвалю ніхто не перажыве на карабліку. Ды і сам караблік проста растварыцца ў гэтай масе вады і месячнага святла.

Ты, ты і яшчэ раз ты адчуваеш адхланне і заплюшчыўшы вочы рыхтуешся быць агорнуты месячным святлом, рыхтуешся прыняць хрэст, пасля якога свет дакладна не будзе ранейшым.


Рэверс


Дзяцінства для ўсіх светлая і добрая рэч. Чорту трэба вельмі пастарацца і прыкласці сур’ёзныя намаганні, каб дзяцінства запамятавалася як нешта змрочнае і кепскае.

Чалавек уладкаваны так, што калі яго дзяцінства было кепскім і змрочным, гэта значыць, што дзяцінства не было наогул.

Вось ён нарадзіўся, вось ён немаўля ў калысцы, а вось – пстрык! – і ён адразу стаў дарослым. Ён здабывае надзённае, хаваецца ад варожых куль і бомб і калі пашанцуе, колькі раз нават адзначае свой дзень нараджэння. Альбо не адзначае.

Мне пашанцавала значна больш. У мяне наогул было дзяцінства і я яго месцамі памятаю. Светлым і добрым.

Памятаю, калі выбухнуў Чарнобыль, нас улетку адправілі па піянерскіх лагерах, куды далей ад радыяцыі.

Каго куды, а мяне лёс кінуў на Паўночны Каўказ, у Кабарду, у горад Прахладны.

Супраць прыроды тых мясцін мне сказаць няма чаго, там сапраўды прыгожа, нават я б сказаў там пануе эпічная прыгажосць. Ці мо ў тыя часы яшчэ не так папсавалі наваколле; карацей, было на што глядзець і на што рот разяўляць. Іншая справа, што я быў не ў тым узросце, каб адэкватна ацэньваць тое, што я бачыў.

Мяне хвалявала тое, што мясцовыя нас збівалі да паўсмерці цэлы месяц і я баяўся ў сталоўку хадзіць. Пойдзеш з’есці саўковы паёк (ніяк не запала ў памяць мне тая ежа, не было чым), а табе дапільнуюць па дарозе тры мясцовых ілба з прапановай, ад якой цяжка адмовіцца.

«Давай мах на мах!».

І аднаго ўтраіх топчуць. Паеў.

Уцякаеш у свой барак і давай у падушку раўці. Жыццё піянерскае, яно такое.

Такія прыгоды петрова і васечкіна цягнуліся першы збор цалкам. Той чэрвень я буду паміраць – не забуду. А потым хтось з нашага атраду паскардзіўся старэйшым, і тыя схадзілі з мясцовымі на размову.

Высветлілася, што мяне і маіх равеснікаў кабардзінцы мардавалі памылкова. Яны пераблыталі нас з масквічамі. А мы беларусы.


Пабач, у кабардзінцаў з масквічамі рахункі ёсць, а з беларусамі няма.

І наступным разам, калі я краўся закутамі да сталоўкі, і перад мной раптам выраслі тры фігуры, ад якіх мяне дрыжыкі бралі, я проста заплюшчыў вочы і задумаў загінуць маладым.

Але іх галоўны, які мяне біў больш за ўсіх цягам месяцу, сказаў што ён просіць прабачэння. І што яго клічуць Рустам (а мо і не, мо блытаю). І што з гэтага часу я магу па ўсяе Кабардзе хадзіць вольна, бо я тут пажаданы госць, а тое што было раней – прыкрае непаразуменне, на якое лепш за ўсё ўсім нам будзе забыцца.

Я пагадзіўся і першы раз там спакойна пакляваў нешта ў сталоўцы. Хаця ежа была ўбогая, выявілася што адсутнасць пагрозы быць пабітым – досыць ладная прыкраса.

Пасля абеду я ўцёк з ціхай гадзіны і пабег за барак, дзе быў ручай, які ўпадаў у Малку – там такая рака. Мы яе клікалі Малпа, і не пытайце чаму, калі ласка.

Там быў багаты ручай. Хмызнякі вышэй за чалавека, берагі, якія не хацелася хутка пакідаць, неба, неба, шмат неба. Толькі вада мутная была, але гэта нас не спыняла. Хуткасць плыні ў ручаю была ого-го! Пускаць караблікі па такому ручаю адно задавальненне.

Мы панарабілі такіх дробных караблікаў а-ля неаліт – знаходзіш аскепак, тыкаеш у яго палкай, на палку насаджваеш ліст дрэва і ўсё – каравела сыходзіць са стапеля.

Жыццё, як кажуць, нарэшце пачынала наладжвацца, мы пускалі тыя караблікі, я запусціў штукі дзве, але потым у хмызняку нехта пачаў гучна гутарыць, мы натапырылі вушы і сталі прыслухоўвацца.

Выглядалі мы тады, напэўна, як маладыя дэйноніхі на вадапою, якім раптам стала некамфортна адпачываць. Рыпаліся як птушкі і зорылі ў хмызняк.

Мы паспелі запусціць яшчэ па карабліку, але не паспелі парадавацца таму, як тыя панесліся па плыні.

У хмызняку пачаўся нейкі падазроны варушняк, які нам лепш было пазбегнуць. Гутаркі перайшлі ў лаянку і мы, не пераглядаючыся, задалі лататы адтуль.

Я няўдала павярнуўся і ўрэзаўся ў расліну, што перагароджвала мне шлях у бяспечнае месца. На імгненне ў маіх вачах заіскрыла, адбылася аднамомантавая запамарока. Я паспеў зрабіць кола па ўласнай арбіце, паспеў убачыць, як нясецца ў далечыню мой маленькі караблік, а я стаю на яго карме і малюю рукой у паветры нешта. Што я там выяўляў, адразу не зразумеў, прыярытэт быў ратавацца. Запамарока скончылася хутка і я памчаўся разам са сваймі хлопцамі да бараку, дзе мы залезлі пад коўдры і зрабілі выгляд, што бачым сёмы дзённы сон і ціхая гадзіна – наша ўсё.

Калі я валяўся пад коўдрай з заплюшчанымі вачыма, сярод іншай гіпнагогіі я ўбачыў надпіс, які рукой у паветры маляваў той, хто стаяў на карме карабліка.

«Жыві мінулым».


06.04.2024