Table of Contents
Settings
Шрифт
Отступ

Усе імёны і падзеі з'яўляюцца выдуманымі, любыя супадзенні з рэальнасцю выпадковыя.


Першая глава


Гэта было ў пачатку ХХІ стагоддзя. Зараз падаецца залатымі часамі, калі не было ані вайны, ані халеры, толькі метал і маладосць.

Гурт меў назву Seventh Water. Калі Саня і Вадзім вырашылі зрабіць банду, назва была ўзятай такая бо сёмая вада гэта такая, як яны думалі, стадыя патопу, пасля якой толькі дзявяты вал. Але апошні гучаў як савецкае ВІА. Таму – Seventh Water.

Гурту быў ужо год. Канешне, гітарыст і бубнач гралі яшчэ з часоў школе – Саня ірваў струны, а Вадзь лупіў у барабаны. Але тады яны нават не думалі, што будуць разам граць.

Праблема была ў характарах. Саня прыдумваў добрыя мелодыі і ў прынцыпе, меў свой падыход да гітары, выпрацаваў нават нейкі свой стыль, але быў маўчуном па жыцці. Таму нешта зарганізаваць проста не імкнуўся. Вадзь таксама не быў без таленту, але да таго ж умеў усміхацца так, што суразмоўца адразу на яго хвалю ладзіўся, таму калі хто і мог у тэорыю зарганізаваць банду – дык ён.

Але толькі год назад, на народзінах трэцяга сябра гурта – басіста па мянушцы Піва яны досыць набраліся і раптам высветлілі, што ім прыспела сабраць банду.

А чацверты сябра гурта намаляваўся амаль тады ж – і гэта быў дзядзька з досведам, які да гэтага паспеў ужо пайграць у бандах. Апошняя развалілася літаральна на днях, таму Ясь паставіў гітару ў кут і амаль не карыстаўся сваім вылуджаным горлам.

Але тут прыйшоў Піва, які быў малодшым на нікчэмных дзесяць год (амаль раўнагодак) і паклікаў ветэрана зноў рабіць метал. Сумесь трэшу і блэку, каб суседа з перфаратарам завідкі бралі.

Адно што Ясь яшчэ быў здольны – пісаць тэксты. Таму каля году назад яны сабраліся на першую рэпетыцыю і праз месяц ужо мелі на паўгадзіны выступу метальных песень. Не надта выбітных, але і не абы-чаго. Атрымаўся якасны серадняк, такі, што Вадзім нават дамовіўся аб удзеле банды на металічным фестывалі на самым поўдні Еўропы. Канешне, улетку, каб не было холадна.

Далей паўстала пытанне грошай, якіх не тое каб не было, іх у такой банды не магло быць па фармуліроўцы. Звычайна, у такіх банд грошы з’яўляюцца толькі пасля распаду, калі музыкі знаходзяць сабе працу, ад якой усё жыццё цікалі.

Се ля ві.

Але металісты народ без забабонаў. Бізнэс-ідэя нарадзілася вельмі хутка. Грошы як заўжды былі ў жанчын. А жанчыны на гурт глядзелі з доляй цікавасці. Таму на чарговым курултаі захмялеўшыя кампазітары прыдумалі знайсці для паездкі спонсарак у выглядзе дзвюх паненак, якія часам прыходзілі на рэпетыцыі падзівіцца на гучных хлопцаў. Часцей за ўсё ані Соня, ані Аліна надоўга не заставаліся на музычных святах песень, што рыхтаваліся, але пасля іх у памяшканні часам заставалася што пагрызці, што папіць. У адрозненне ад міністрэляў у іх грошы бывалі.

Вадзім, як той, хто лепш за ўсіх умее дамаўляцца (дарэчы, запрашэнне прыехаць на фестываль за свае грошы і выступіць на малой сцэне зранку дамогся менавіта ён) зрабіў глыбокі ўдых і пайшоў рабіць сяброўкам прапанову, ад якой яны не маглі адмовіцца.

«А давайце разам на Salary зганяем у Чарнагорыю! А як мы таксама выступаем, дык мо вас за кулісы прапусцяць, і аўтографы можна будзе атрымаць. Амаль на халяву. Ну, хіба што бусік наняць трэба, за кіроўцам разам. Мо троху і нятанна, але ж Salary!»

Сяброўкам надта спадабаўся гурт Salary. Асабліва іх вакаліст – файны барадаты і патлаты дзядзька Мафусаілавых год і пірацкіх звычак, але таленавіты і харызматычны шоўмен.

Аліна і Соня пашушукаліся, і пагадзіліся. Тым больш, што Соня якраз мела старэйшага брата з бусікам, якому на запланаваны час усё роўна рабіць было няма чаго, бо заказ зляцеў. Пра брата і ягоны бусік Вадзім ведаў, і насамрэч на то і разлічваў, таму, пасля аўдыенцыі выйшаў на вуліцу, шмаргануў левай рукой і гучна сказаў:

«Йес!»

А праз колькі дзён маршрутка, за стырном якой сядзеў брат Соні Ігар з металісткамі і Seventh Water пачала рух у бок дзяржаўнай межы, паспяхова перасекла спачатку яе, потым колькі іншых межаў і досыць хутка давезла трупу ў Чарнагорыю на фестываль.

Як яны дабраліся да лакацыі – гісторыя асобная. Хто на такія фестывалі катаўся, той ведае, што ўсе яны ладзяцца ў самым цэнтры мясцовай анамальнай зоны, і без прыгод туды можа толькі экстрасэнс даехаць. Ну карацей, калі ня лічыць тройчы затрыманне дарожнай паліцыяй няўцям за што, ледзь не патапленне каравана пры фарсаванні мясцовай рачулкі, прабітае кола і звычайнае збіццё са шляху – даехалі аганёк!

Прыехалі, прайшлі кантроль, атрымалі інструкцыі дзе ставіць намёты, і пачалі выгружацца.

Дамы хуценька паставілі на ўзгорку свой маленькі намёт – нябачаную па тых часах канструкцыю, якую каб паставіць трэба толькі з чахла выцягнуць. Троху ніжэй, асцерагаючыся моцнай спякоты – а паліла дык паліла сонца паўднёвае бязлітаснае – паставіў свой сціплы намёт Ігар, а ў самай нізіне пачалі сваю эпапею музыкі.

Высветлілася, аднак, што намёт ніхто з іх, нават, сабакамі падшыты Ясь ставіць не ўмее. Тым больш такі вялікі намёт, які яны ўзялі ў арэнду – каб там змясціўся цалкам гурт, інструменты і канцэртныя мэтлахі. На сцэну ж трэба пераапрануўшыся ісці.

Дык вось, намёт вялікі, досведу ставіць яго няма, а туторыял што, скажыце вы? А правільна, туторыял для ўломкаў. Ніхто не браў ніякі туторыял. А інтэрнэт у тыя часы яшчэ не скрозь быў, не так яно ўжо і гугліцца.

Стаіць жудасная спякота.

Ігар, кіроўца, ляжыць у сваім намёце і прапануе ім дапамогу – ён гэтых намётаў за жыццё наставіўся як напората, можа досведам падзяліцца. Але металісты з ганарыстым выглядам адмовіліся, маўляў, не рокет сайенс, разбярэмся. Ды і вучыцца трэба такой справе.

Дамы на ўзгорку назіралі за гэтым працэсам спачатку з цікавасцю, хадзілі ў заклад, хто ж нарэшце адолее пабудову намёту, потым глядзелі звысоку з лёгкай доляй расчаравання, ну і напрыканцы спынілі сачыць. Бо намёт металісты ставілі амаль пяць гадзін.

Дарэчы, таталізатар рабілі не толькі спадарожніцы гурта, без малога ўсё, хто бачыў як адбываецца змаганне маладняку з супастатам з тканіны, кастылёў і канатаў. Карацей, хто не памёр ад спякоты і бачыў гэту барацьбу ніколі праз смех яе не забудуць. Яны таксама былі сведкамі небывалых лаянак сярод творчага калектыву. Праз спякоту і намёт, які ніяк не ставіўся народ пералаяўся і колькі раз распусціў ужо ўласны гурт. Але то там, то сям розум святкаваў перамогу і такім чынам нешта яны на пятай гадзіне зрабілі.

Ну канешне, да ідэалу было далёка. Намёт ніхто ні хера не замацаваў. Ды прызнацца і сабралі яго праз дупу, абы як, але моцы ў нашых герояў заставалася ўжо з камарыную дзюбу, і яны проста кінулі дурное ды пайшлі піць прахаладжальныя напоі.

Ігар хаваўся ад спякоты, ляжаў у сваім намёце, іржаў з небаракаў і патрошку сёрбаў халодны квас.

Якасць зборкі намёту ён ацаніў так:

«Дупа галівудская».

А Соня з Алінай наогул расчараваліся ў сваіх пратэжэ так, што вырашылі наступным разам спонсарскія прапановы ад тых не прымаць.

Тым часам фестываль жыў сваім жыццём, грала з усіх сцэн музыка і народ ратаваўся ад спякоты напоямі, а хто больш цынічны - тупа пайшоў на мясцовую рэчку і сядзеў у вадзе па шыю. 

Але над лагерам збіралася наймацнейшая навальніца.


Другая глава


Аліна і Соня былі ля сцэны, калі распачалася катастрофа.

Было гэта за гурт да выступу Salary. Перад тымі, зразумела мусіў выступіць не менш вядомы польскі метал калектыў. Ну, амаль хэдлайнер.

На сцэну выходзіць амаль хэдлайнер і ўключае інтра. Прыгожае інтра, якое змяшчае аудыёвізуальныя вобразы апакалептычнага характару, як той казаў – сатаністычнай канфігурацыі. Але аддамо належнае – гэта ўражае.

Здурнеўшыя праз збор намёту і іншыя прыгоды музыкі гурта Seventh Water сядзяць у палатачным бары насупраць сцэны, злоўжываюць алкаголь і спрабуюць не пералаяцца канчаткова.

І ў гэты момант пачынаецца такая навальніца, што быццам ажыла ўсё тое, што польскія металісты ў свае інтра таямнічым сэнсам уклалі.

Пачынаецца сапраўднае залева, гром і бліскавіцы! Спякота робіць круты віраж і пераўтвараецца ў дурдом.

Разуменне таго, што нешта не так прыходзіць адначасова да ўсіх. Але першымі ў палатачны бар, што побач са сцэнай кідаюцца фатографы, якія імкнуцца ратаваць сваю апаратуру. З сабой з першых шэрагаў перад сцэнай яны захопліваюць і нашых паненак, якія віскочуць, але нішто не могуць з гэтым парабіць – паніка рэч жудасная і небяспечная. Лепш не рыпацца. Ну і яны не самотныя, каго нясе фатаграфічная сіла ў бар, далей ад залевы і бліскавіц і грому.

Выступ польскіх металістаў спачатку даўніцца, а потым і наогул адмяняецца. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што яны планавалі адбыць адразу пасля выступу, бо квіткі набытыя, а ехаць праз межы – не жарт, тым больш, што вялікая пытанне з такой пагодай наогул кудысьці адбыць.

І атрымалася так, што яны пакідаюць фестываль паказаўшы публіцы толькі сваё якаснае інтра. У запісы, канешне.

На некаторы час, адзінае жывое месца, дзе могуць існаваць у гэтай навальніцы людзі – гэта бар. Набіваецца там людзей больш чым селядца ў бочку, і гэта якраз пад час піка творчых спрэчак сярод нашых дэбютантаў. Яны лаюцца праз навальніцу, намёт, цяжкі лёс музыкаў і іншае. Саня маўчыць, Вадзім іржэ як доктар Ліўсі, бо што паробіш, А Ясь і Піва гучней за ўсіх крычаць адзін на аднаго і амаль не ўпрысядкі ідуць, высвятляючы адносіны. Фатографы бачаць канфлікт – і фатаграфуюць, бо гэта, як той казаў, інфаповад, чаго яму марнавацца?

Ці трэба казаць, што тыя хто сядзеў у рэчцы паўцякалі? Але трапілі з агню ды ў полымя.

Найгоршае адбываецца там, дзе стаяць намёты – туды льецца вада з усіх бакоў. Намёты літаральна зносіць і перакручвае ў фарш. Разам з усім, што хавалася ўнутры.

Ігар, які распластаўся ў сваім намёце і з апошніх сіл трымаў і рукамі і нагамі сваё сховішча, ледзь перажыў гэтыя паўгадзіны шаленства стыхій. Мацюкоў столькі ў паветра выдаў, аж сам потым здзівіўся. Трагічны момант у гэтай гісторыі ў тым, што ён бездапаможна назіраў, як залевам знішчаецца дупа галівудская – намёт, які музыкі будавалі будавалі, ды не дабудавалі. Адсутнасць замацаванняў, канешне жа, тэрмін жыцця палаткі ніяк не падоўжыў.

У выніку, усё, што прывезлі з сабой нашы вандроўнікі, ва што яны меркавалі апранацца на сцэну і на чым збіраліся граць – усё загінула. Засталіся толькі рэшткі, толькі хвост і грыва засталася, а конь знік, можна сказаць.

Трэба сказаць, што навальніца не цягнулася доўга, актыўная фаза мінула дзесьці хвілін за сорак, але гэтага хапіла для таго, каб народ ачмурэў да каматозу.

Пакуль залева знішчала інфраструктуру, сцэны і сэнс жыцця, вакаліст і акампануючы склад банды Salary з бяды пераацаніў сваю магутнасць супраць зялёнага змею так, што дапіўся да слупняка і чорцікаў.

Калі навальніца скончылася, Salary пачынае выступаць, але ў экстазе яны ніяк не могуць спыніць выступ. Легендарны вакаліст разы чатыры аб'яўляе апошнюю песню:

«Зыс іс аўр ласт сонг!»

Але ў гэты час усім не да яго – людзі прыбіраюць наступствы буры. Нават Соня з Алінай, якія так імкнуліся паглядзець жыўцом на ветэрана металу махнулі галлём і чартыхаючыся, пайшлі разграбаць завалы.

Жыццё – боль.

Адпаведна выступ закончыўся пасярэдзіне ночы, пад сцэнай пуста, кайфу ніякага, фіяска рэдкае.

Ноч пасля буры была адносна ціхай, аж чорт нагу зломіць.


Трэцяя глава


Там, дзе калісьці стаяў намёт недароблены, знаходзіліся Ясь, Вадзім, Саня і Піва. Яны былі ў шокавым стане, не хапала ані слоў, ані мацюкоў. У паветры тхнула нірванай.

Медным тазам накрылася ўсё, на што хлопцы спадзяваліся для паспяховага дэбюту. Не было больш інструментаў і прылад, ніякай канцэртнай шмоткі не існавала больш.

Адзін патранташ, якім абмотваўся на выступах Ясь, самотна ззяў у брудзе.

Ясь узняў аксесуар і прамовіў:

“Блэк, курва, трэш метал.”

Піва нёс нейкую лухту, праклінаючы ўсё на свеце, Саня маўчаў, схапіўшыся за галаву, адзін Вадзь усміхаўся ў пустэчу, застаючыся верным іміджу таго, хто ніколі не журыцца. Але насамрэч менавіта ён зараз ліхаманкава абдумваў, дзе зранку знайсці інструменты і хоць якія шмоткі.

Хлопцы капітальна маркоцяцца і праводзяць ноч у ступары.

Калі вы думаеце, што хтось наогул гэтай ноччу меў сон з музыкаў, дык аб’ектыўна - толькі Саня. Бо ягонай стрыманасці якраз знайшлося ўжыванне. Ён проста скруціўся як кажан у куту, заплюшчыў вочы і дрыхнуў да самага рання.

Рэшта не магла спаць - як толькі думкі ў галаве сталі роўна, з’явілася магчымасць пакемарыць і хлопцы пачалі, седзячы ля месца патаплення намёту, акунёў носам вадзіць - нехта ў лагеры пачаў клікаць Марыё.

“Марыё! Марыё!”

Як пазней высветлілася - гэта было імя ахоўніка, які знік немаведама куды, цягаючы ў кішэнях макгаффін, без якога пэўна наступны дзень фестывалю бы і адбыўся, але ўжо з меншым імпэтам. Карацей, такі бюджэтны сукін сын, але не спецыяльна.

Спачатку Марыё клікаў адзін голас, потым з вызначанай перыядычнасцю ў істэрыцы яго пачаў клікаць палаткавы гарадок цалкам. Імя ахоўніка перакачвалася па разбуранаму лагеру на розны лад. Хтось клікаў яго мацюкамі, хтось рагочучы, але ён так да ранку і не знайшоўся.

Але якое там спаць. Як толькі першыя прамяні сонца кранулі тэрыторыю фесту, Вадзім наскрабаў усе грошы, якія толькі нават у тэорыі маглі знайсціся ў музыкаў, з гэтай нагодай злётаў і да Соні з Алінай і нават да іх брата (Ігар дарэчы з разуменнем паставіўся да пацярпелых і не толькі насыпаў жменю даляраў, але і дазволіў грошы за паездку вярнуць пазней), справіў візіты да ўсіх знаёмых, схапіў лахі пад пахі і разам з Півам пабёг набываць інструменты і шмоткі. Ну, не тое каб набываць, але арандаваць.

Мерч асабліва не давалі ў арэнду, у адрозненне ад інструментаў, ды і не шмат яго пасля патопу было, таму на сцэны Seventh Water мусілі выйсці ў вельмі разнастайнай вопратцы.

Ну добра, што хоць колеры супадалі з брэндбукам, абышлося без ружовых поні і іншага.

У выніку, да дванаццатай гадзіны, калі банда мусіла выйсці на малую сцэну зажыгаць, яе як кольвек апранулі і ўзброілі музычным інструментарыем.

Але, лёс не быў на іх баку. Зранку зноў бязлітасна паліла сонца і алейны жывапіс паўтараўся з учора - народ калупаўся аднаўляючы намёты, а хто такой праблемы не меў, ужо даўно сядзеў па шыю ў вадзе ў тутэйшай воднай артэрыі. Клалі яны на той канцэрт.

Калі Ясь, заматаўшыся ў перажыўшы ўсё патранташа заараў са сцэны, што Seventh Water пачынае выступ, вітае ўсіх і да будзе:

“Блэк, курва, трэш метал!”

Ля малой сцэны ў эпічнай самоце стаяў толькі кіроўца бусіку. Троху пазней з’явіліся Соня і Аліна - яны былі заняты дагэтуль тым, што спрабавалі выцягнуць хоць што прытомнае з вакаліста Salary, якога знайшлі сярод лагеру страчанага, які проста не памятаў, дзе ён, хто тут. Але ветэран быў выратаваны і дамы далучыліся да натоўпу перад сцэнай. Цяпер іх было трое.

Пазней да іх далучаецца той самы Марыё – з бутэлькай віна і вянком на галаве, у адных плаўках. Шчаслівы чалавек.

У адрозненне ад спадарожнікаў музыкаў, якія стаялі моўчкі і слухалі, якія песні падрыхтавалі дэбютанты, Марыё пачаў танчыць. У перапынках паміж песнямі ён раз-пораз галёкаў, што ён і ёсць той самы Марыё, і хто і навошта яго шукаў?

На гэты крык сцякаюцца людзі - усім цікава глянуць на таго, праз каго ноччу ніхто спаць не здолеў.

Гэта троху прыдае магутнасці Seventh Water, засмучанасць і згуба духу паступова развейваюцца, здаецца, жыццё пачынае мець сэнс і музыка была зроблена не здарма.

Ну і як без хэпі энду?

“Зыс іс аўр ласт сонг!”

Напрыканцы пякучае сонца закрывае хмара і народ нарэшце падыходзіць да сцэны, а банда аб'яўляе апошнюю песню, якая называецца так сама як і банда. Сёмая вада.

І гэта, курва, песня пра сусветны патоп.

І яна ідзе на ўра.

Вось такая гісторыя, Марыё знайшоўся, банда не развалілася, усе разам потым паехалі дамоў, амаль шчаслівыя.

Толькі потым на фотарэпартажах з фестывалю было вельмі шмат фото з бара ў час навальніцы, калі маладыя рок-зоркі бухія лаяліся і лупілі адзін аднаго.

Але гэта зусім іншая гісторыя.

Заслона.