Table of Contents
Settings
Шрифт
Отступ

У апошні тыдзень чэрвеня, калі на вуліцы панавала невыносная спякота, і народ усяляк хаваўся ад сонечных прамянёў (бо нікому не хацелася каб ягоная скура пагарэла і скускурылася), хутка пасля поўдня адбылося нязвычнае. У небе, у якім не было ніякіх аблокаў, і наогул аніводнага намёку на пахмурнасць, з’явілася гіганцкая нямытая пятка. Яе б пемзай пашкрабаць з усяе дураты, а не гэта ўсё, але не. У небе над Вільнюсам матэрыялізавалася невядома чыя канцавіна. Як я ўжо сказаў, за гэтым часам на вуліцы людзей было няшмат, бо ў асноўным усе былі ці то на працы пад дахамі, ці то ў кавярнях і іншых установах падобных, але таксама пад дахамі. Ну і шмат тых, каму пашанцавала, валяліся на хаце ля вентылятару, таму ім да гэтай пяткі было абыякава. Навукова даведзена, што калі б сітуацыя склалася часова інакш, і пятку ў нябёсах бачыла б значна больш людзей, у горадзе бы адбыліся непрыемныя падзеі – напрыклад, масавая паніка, рабаванне крам абутку і іншыя анархічныя праявы. Але не. Людзі нават не пачалі планава мітусіцца. 

Напрыклад, адзін грамадзянін, які паліў на сваім гаўбцы, на дзявятым паверсе, на сонечным баку, якраз там, дзе ў небе з’явілася пятка, хоць і пазіраў на з’яву з цікавасцю, толькі пару раз кінуў погляд налева ў кут гаўбца, дзе стаяла старая швабра. Ён прыкінуў, ці спатрэбіцца яна ў якасці зброі, і прыйшоўшы да высновы, што калі спатрэбіцца, пры належнай матывацыі і швабра пераўтвараецца ў алебарду, працягнуў паліць і глядзець на нябёсы. Іншая грамадзянка з вышэйшай адукацыяй, якой у гэты момант выпала выводзіць гуляць польскага пудзеля, прыкрыўшы вочы далонямі глядзела на пятку і спрабавала ідэнтыфікаваць яе як НЛА, але паколькі пятка ніяк не падыходзіла пад апісанне лятучай талеркі, зноў пераключыла ўвагу на пудзеля. Ну пятка і пятка. Адзінае месца, дзе народ неяк пачаў турбавацца праз гэты казус, гэта было возера Салоце, дзе ў той момант на пляжы было дастаткова народу. Людзі без энтузіязму ўспрынялі тое, што заняло вялізную частку неба і сталі абмяркоўваць наступствы. Розныя меркаванні былі, але ўсё зводзілася да таго, што пляж могуць зачыніць, і зноў людзей вымусяць наведваць суседскія вадаёмы, а гэта не вельмі камфортна. Карацей, зноў нейкая палітычная турбулентнасць. Нехта прапанаваў зачыніць з той нагоды межы і дэпартаваць з краіны эмігрантаў, але грамадзяне ўжо звыкліся да такіх адозваў кожны раз, калі пачынаецца хоць што нязвычнае і калектыўна праігнаравалі дзеяча. 

Можа б грамадская думка і прыйшла б да якога кансэнсусу ў рэшце рэштаў, але якраз у гэты момант пятка ў нябёсах пачала рухацца і хуценька стала набліжацца да паверхні планеты. Тыя хто не бачыў гэтага, працягвалі рабіць свае справы ці строіць дурня, а тыя хто бачыў – раптам заціхлі і месцамі нават прыжмурыліся. Запанавала цішыня і адчуванне гістарычнасці моманту. Адчувалася нейкая эпічнасць хвіліны. А пятка набліжалася. Ужо былі бачны заганы на скуры ўладальніка пяткі, брудныя плямы пасярод эпідэрмісу. Асабліва чуллівыя насы былі спешна заціснутыя сваімі ўласнікамі, хаця, натуральна ніякага водару ў паветры быць не было. Кажуць, што менавіта ў гэты момант раптам упала цана на акцыі колькіх сусветна вядомых карпарацыяў, чые галоўныя офісы знаходзіліся ў сталіцы Літвы, але ўдакладняць іх назвы будзе непрыгожа. 

Адным словам, нешта павінна было трапіцца. 

І ў гэтае імгненне пятка напаролася на антэну тэлевежы. 

Відавочна, на супрацьлеглым канцы пяткі гэта сталася нечаканасцю, канцавіна спынілася, закалацілася, з нябесных далячынь да зямлі данеслася сталая матарызна. Пятка хуценька стала змяншацца ў памерах, знікаючы ў нябеснай цвержы. Праз долі хвіліны прыгода скончылася і горад зноў зажыў сваім звычайным жыццём. 

А грамадзянін, які паліў на гаўбцы з дабрынёй зірнуў на швабру і падумаў: 

«Taip atsitiks kiekvienam, kuris ateis čia neplautomis kojomis».